ГАЗАРАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЯ СТА́НЦЫЯ

(ГРС),

прызначана для прыёму газу з магістральнага газаправода, ачысткі яго ад мех. прымесей, паніжэння і аўтам. падтрымання ціску на зададзеным узроўні (0,005—1,2 МПа), размеркавання спажыўцам. На ГРС вядзецца ўлік расходу газу, пры неабходнасці — яго адарызацыя (дабаўленне рэчываў з рэзкім пахам), асушка і падагрэў.

ГРС устанаўліваюць у канцы магістральнага газаправода, на адводах ад яго для газазабеспячэння горада, населенага пункта або прамысл. прадпрыемства (прадукцыйнасць да 500 тыс. м³/гадз). Для забеспячэння сельскіх населеных пунктаў і невялікіх пасёлкаў на адгалінаваннях ад газаправодаў будуюць аўтам. ГРС (прадукцыйнасць 1—10 тыс. м³/гадз). Існуюць прамысл. ГРС для падрыхтоўкі здабытага са свідравін газу (асушкі, ачысткі, адарызацыі, паніжэння ціску да 5,5 або 7,5 МПа) і падачы яго ў магістральны газаправод, а таксама для забеспячэння газам бліжэйшых да промыслу населеных пунктаў.

В.В.Арціховіч, В.М.Капко.

т. 4, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)